БЕ́ЛЫЯ КУРАПА́ТКІ

(Lagopus),

род птушак сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 віды — белая курапатка (L. lagopus) і тундравая курапатка (L.mutus). Пашыраны ў тундрах, лесастэпах і гарах Паўн. Еўразіі і Паўн. Амерыкі да Паўн. Казахстана, Паўн. Манголіі і Канады. На Беларусі белая курапатка спарадычна трапляецца ў паўн. ч. на вярховых балотах; занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 46 см, маса 400—900 г. Тундравая курапатка драбнейшая. Апярэнне зімой белае з чорным хвастом, летам рыжа-бурае, у самцоў тундравай курапаткі зімой чорная аброць, летам менш рыжых тонаў; у самак мяняецца 3, у самцоў 4 разы на год. Гнёзды на мохавых купінах з нізкарослай расліннасцю. Кормяцца пупышкамі дрэў, лісцем, ягадамі. На поўначы белыя курапаткі — важны аб’ект промыслу.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)